"Настаўніцкая газета" опубликовала материал, посвященный 30-летию издательства "Адукацыя і выхаванне"
- 17 мая 2023 11:03:00
Источник:
https://nastgaz.by/vydavetstvu-adukatsyya-i-vyhavanne-30-gadou-chym-admetnae/
30-гадовы юбілей адзначае “Адукацыя і выхаванне” —
выдавецтва, якое займае адну з галоўных пазіцый у галіне вучэбнага кнігавыдання
для нацыянальнай сістэмы адукацыі. Пра тое, як выдавецтва ўбіралася ў сілу, чым
жыве сёння, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыў з дырэктарам
установы Валянцінам Навагродскім.
— Валянцін Янавіч, з юбілеем вас і вашых паплечнікаў!
Нагадайце, калі ласка, з чаго ўсё пачыналася.
— Можна смела сказаць: выдавецтва ёсць прамы вынік таго, што
Рэспубліка Беларусь набыла незалежнасць. На пачатку 90-х у краіне ішло
станаўленне нацыянальнай сістэмы адукацыі. Рэфармавалася школа, мяняліся
вучэбныя планы, падручнікі… Педагогі мелі велізарную патрэбу ў метадычнай
падтрымцы. Зрэшты, выданні для настаўнікаў заўсёды ў цане, нават у пару
грамадскіх катаклізмаў, бо дзяцей заўсёды вучыць трэба. Са жніўня
1990 года пачаў дзейнічаць Беларускі навукова-даследчы інстытут адукацыі
(цяпер Нацыянальны інстытут адукацыі), які ўзначаліў доктар педагагічных навук
Уладзімір Пархоменка. І па яго ініцыятыве быў заснаваны навукова-тэарэтычны і
інфармацыйна-метадычны часопіс “Адукацыя і выхаванне”. Часопіс і стаў
грунтоўным падмуркам для беларускай педагагічнай навукі і адукацыйнай практыкі.
Навуковая дзейнасць, самаадданая праца Уладзіміра Паўлавіча на пасадзе
галоўнага рэдактара часопіса, а потым і на чале выдавецтва — важкі ўклад у
развіццё айчыннай педагогікі. Вядома ж, нашым папярэднікам даводзілася шмат
круціцца, як цяпер кажуць. Адзін факт: 3 мая 1993 года сузаснавальнікамі
часопіса “АіВ” сталі Мінадукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі і працоўны
калектыў выдання, а ўжо 17 мая рэдакцыя стала… самастойнай юрыдычнай асобай.
Усё вельмі хутка мянялася! Тады ж пачалася работа па выпуску вучэбнай,
метадычнай, навуковай літаратуры, з’явіўся рэдакцыйна-выдавецкі аддзел, была
атрамана ліцэнзія на выдавецкую
дзейнасць.
— Вядома, што цяпер пад вашым дахам працуе і шэраг іншых
перыядычных выданняў…
— Мяркую, з часам у гісторыі педагагічнага друку Беларусі
дзень 17 кастрычніка будзе пазначаны як “чырвоная дата”: менавіта ў гэты дзень
у 1995 годзе прайшла дзяржрэгістрацыя адразу 16 (!) навукова-метадычных
выданняў, заснавальнікам якіх выступіла рэдакцыя часопіса “АіВ”. Часопісы серыі
“У дапамогу педагогу” атрымалі прызнанне навуковай і педагагічнай грамадскасці.
Вось так рашуча рэдакцыя часопіса “АіВ” “наступала” на педагагічным фронце:
выпускала профільныя часопісы, штогод выдавала дзясяткі вучэбных і метадычных
дапаможнікаў, іншых відаў кніжнай прадукцыі для вучняў і студэнтаў,
настаўнікаў, выкладчыкаў, навукоўцаў. І цалкам заканамерным быў “працэс
эвалюцыі”, набыццё новага статусу: у 2001 годзе рэдакцыя часопіса была
пераўтворана ва ўстанову “Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”. А ў жніўні 2019-га
да нас далучыліся выдавецтва “Пачатковая школа”, рэдакцыі часопісаў “Роднае
слова” і “Пралеска”.
У хуткім часе выйдзе ў свет найцікавейшае, выдатна
ілюстраванае, шырокафарматнае выданне калектыву аўтараў “99 важнейших фактов о
белорусском образовании”.
Тыя, хто чытаў, рэцэнзаваў кнігу, — у захапленні. Мы ўпершыню сістэмна,
даходліва расказваем, як развіваліся асвета, адукацыя на беларускіх землях — ад
эпохі Полацкага і Тураўскага княстваў да нашых дзён.
— Як бы вы акрэслілі сацыяльную нішу, якую сёння займае
выдавецтва?
— Калі праводзіць аналогію з земляробствам, то, мяркую,
педагагічнае поле краіны сёння ў немалой ступені мае высокую ўраджайнасць
дзякуючы рабоце выдавецтва. Нашы навукова-метадычныя часопісы павышаюць
прафесійны ўзровень педагогаў, спрыяюць абмену вопытам, карыстаюцца заслужаным
аўтарытэтам у педагагічнай грамадскасці. Вельмі ганарымся, што сярод аўтараў
часопісаў — як вядучыя вучоныя і эксперты ў галіне адукацыі, педагогікі,
псіхалогіі, філасофіі, культуры і мастацтва, краязнаўства, так і
педагогі-практыкі… Адзначу, што выдавецтва па-ранейшаму выпускае і вучэбную,
вучэбна-метадычную літаратуру для ўсіх тыпаў устаноў і ступеней адукацыі.
Ганарымся, што ўжо шмат гадоў нам даручаюць перавыданне знакавых дапаможнікаў
“Я — гражданин Республики Беларусь” і “Беларусь — наша Радзiма. Падарунак
Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь А.Р.Лукашэнкi першакласнiку”. Вялікі попыт на
серыі навукова-папулярных кніг для школьнікаў “Я горжусь / Я ганаруся”, “Мир
путешествий”, “Лучшая коллекция школьника”, “Образовательный компас”… І ўсё
гэта робіцца на высокім узроўні, выдавецтва неаднаразова ўшаноўвалася як
пераможца нацыянальных і міжнародных кніжных выстаў-конкурсаў.
— У чым бачыце перспектыву, Валянцін Янавіч?
— Адным з перспектыўных кірункаў развіцця бачым інтэграцыю
лічбавых рэсурсаў з інтэрактыўнымі тэхналогіямі ў канкрэтныя адукацыйныя
матэрыялы. Выдавецтва ўжо мае ўласны мабільны дадатак для Android і IOS пад
назвай “AIV — дапоўненая рэальнасць”. З выкарыстаннем найноўшых тэхналогій
цяпер ад нас ідуць у свет вучэбныя дапаможнікі, навукова-папулярныя і
даведачныя выданні.
Прадукцыя выдавецтва “АіВ” увогуле ўнікальная! Яе вылучаюць цікавы змест, яскравы дызайн, высокая якасць паліграфіі. І ў нас ёсць надзейная база для далейшага росту і развіцця — прафесійны, зладжаны калектыў, мае паплечнікі, з якімі мы разам самааддана і натхнёна працуем на карысць Бацькаўшчыны.









Пожалуйста зарегистрируйтесь