Напярэдадні Дня Перамогі “Беларускі гістарычны часопіс” ушанаваў памяць ахвяр генацыду

  • 11 мая 2023 12:03:00

У пачатку мая 2023 г. па запрашэнні загадчыка кафедры гісторыі і сацыяльных навук Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, члена рэдакцыйнай рады і пастаяннага аўтара “Беларускага гістарычнага часопіса” з 2001 г., кандыдата гістарычных навук, прафесара Сяргея Новікава намеснік галоўнага рэдактара часопіса Наталля Матусевіч прыняла ўдзел у 6-ці гадзіннай аўтарскай экскурсіі “Малы Трасцянец: месца памяці і смутку”. Яе наведалі таксама студэнты лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, іх бацькі і выкладчыкі. Напярэдадні Дня Вялікай Перамогі для экскурсавода гэта была 15-я па ліку сустрэча з тымі, хто цікавіцца гісторыяй Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Малы Трасцянец у 1941–1944 гг. –  буйны канцэнтрацыйны лагер смерці. Тут з восені 1941 г. знішчаліся мірныя жыхары, ваеннапалонныя, партызаны і падпольшчыкі,  яўрэі – грамадзяне Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Чэхаславакіі. Назва “Трасцянец” аб’ядноўвала некалькі месцаў ліквідацыі людзей: працоўны лагер, урочышча Шашкоўка – месца масавага спалення ахвяр, урочышча Благоўшчына – месца расстрэлу. Нацыстамі было замучана, расстраляна і спалена 206 500 грамадзян.

У 2008 г., да 65-й гадавіны ліквідацыі Мінскага гета, Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам было прапанавана стварыць мемарыяльны комплекс еўрапейскага ўзроўню ў памяць аб ахвярах Трасцянецкага лагера. У чэрвені 2014 г. на тэрыторыі комплекса была закладзена капсула і ўстаноўлены камень з памятнаю дошкаю. 22 чэрвеня 2015 г. на месцы канцлагера быў адкрыты мемарыяльны комплекс з цэнтральнай кампазіцыяй «Брама памяці».

С.Новікаў выбудаваў экскурсійны маршрут па ўсіх аб’ектах, звязаных з трагічнымі падзеямі і месцамі памяці: першым пасляваенным помнікам 1963 г.; месцам прыбыцця па чыгуначнай ветцы “Калодзішчы – Міханавічы” і “сартыроўкі” прывезеных з Еўропы вязняў; таполевай алеі, якую заклалі дэпартаваныя грамадзяне ў 1942 г., названай “Дарогай смерці”; тэрыторыі працоўнага лагера; гранітных плітах, на якіх пазначаны людскія страты на тэрыторыі Беларусі за гады Вялікай Айчыннай вайны; скульптурнай кампазіцыі “Брама памяці”; памятнага знака “Масіў імёнаў”; урочышчам Шашкоўка і Благоўшчына і інш. Удзельнікі ўшаноўвалі памяць ахвяраў.

На падставе фактаў з дакументаў, даследаванняў, успамінаў вязняў лагера, якім пашчасціла выратавацца, наведвальнікі даведаліся пра жудасныя прычыны і формы масавага знішчэння людзей. Удзельнікаў уразілі маштабы трагедыі, яны зразумелі, што нацызм не можа быць прымальным ні ў якой  форме. Усе сышліся ў меркаванні, што мемарыяльны комплекс з цягам часу павінен стаць сапраўды месцам увекавечання памяці аб знішчаных грамадзянах еўрапейскіх краін. З Сяргеем Новікавым была вызначана тэматыка тэм для падрыхтоўкі артыкулаў.

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь