Мерапрыемства «У пошуках страчанага: Архіўныя адкрыцці сучаснага купалазнаўства на старонках часопіса “Роднае слова”» адбудзецца 16 лістапада
- 10 ноября 2023 15:30:00
Запрашаем на прэзентацыйнае мерапрыемства «У
пошуках страчанага: Архіўныя адкрыцці сучаснага купалазнаўства на старонках
часопіса “Роднае слова”», якое адбудзецца 16 лістапада 2023 года а 17-й у
Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.
На гэты раз гаворка пойдзе пра архіўныя знаходкі 2023 года, якія тычацца
біяграфіі Янкі Купалы, а таксама радаводу сям’і Луцэвічаў. Сярод іх, напрыклад,
забытыя фотаздымкі з даваеннага друку, у тым ліку ўнікальныя кадры: Янка Купала
разам з Якубам Коласам і беларускімі літаратарамі або надзвычай рэдкі сюжэт –
паэт у рабочым кабінеце. Нарэшце, сенсацыйная знаходка – фотаздымак, на якім
двухгадовы Ян Луцэвіч разам з бацькамі і сястрой. Да апошняга часу лічылася,
што фота сям’і Луцэвічаў не захавалася. Цяпер можна ўбачыць, як выглядалі
бацькі Янкі Купалы ў маладым узросце.
Знойдзены фотаздымак раскрыў пэўныя таямніцы, што дапаўняюць вядомыя звесткі з
жыцця паэта і разам з тым аспрэчваюць некаторыя з іх. Як выглядаў маленькі Янка
Купала? Колькі дзяцей было ў сям’і? Якія шлюбы сям’і Луцэвічаў маюць
дакументальнае пацверджанне? Гэта толькі некаторыя з пытанняў, якія будуць
абмяркоўвацца ў час сустрэчы, яе ўдзельнікамі стануць літаратуразнаўцы,
музейныя супрацоўнікі, генеалогі і біёграфы Янкі Купалы – сталыя і будучыя
аўтары “Роднага слова”.
Шчыра запрашаем на сустрэчу ўсіх, каго вабіць асоба Песняра і каму цікава
пачуць меркаванні сучасных даследчыкаў-купалазнаўцаў.
Уваход вольны.
Пожалуйста зарегистрируйтесь