Круглы стол у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі з нагоды 30-годдзя «Беларускага гістарычнага часопіса»

  • 18 августа 2023 12:00:00

22 жніўня 2023 г. у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў рамках мерапрыемстваў да юбілею з дня выхаду першага нумара адбыўся круглы стол «Беларускі гістарычны часопіс: 30 гадоў у айчыннай гістарычнай навуцы і сістэме адукацыі». У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі структурных падраздзяленняў і супрацоўнікі Інстытута гісторыі, многія з якіх з’яўляюцца аўтарамі навуковых публікацый у “БГЧ”.


У прывітальным слове дырэктар Інстытута кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Леанідавіч Лакіза адзначыў важнасць правядзення такіх мерапрыемстваў і месца “Беларускага гістарычнага часопіса” ў айчыннай навуковай прасторы. Ён шчыра павіншаваў часопіс з юбілеем і пажадаў плённай працы ўдзельнікам мерапрыемства.


 Галоўны рэдактар   часопіса кандыдат педагагічных навук, дацэнт Аляксандр Аляксандравіч Корзюк расказаў аб асноўных напрамках рэдакцыйнай палітыкі і тэматыцы часопіса на 2023 г., яго навуковым і навукова-метадычным патэнцыяле, мерапрыемствах да 30-гадовага юбілею, перспектывах развіцця выдання. Ён асабліва адзначыў значэнне Інстытута гісторыі як аднаго з заснавальнікаў часопіса ў фарміраванні кантэнту і вызначэнні тэматыкі вядучых публікацый.


Намеснік галоўнага рэдактара “Беларускага гістарычнага часопіса” Наталля Уладзіміраўна Матусевіч акцэнтавала ўвагу на неабходнасць  арганізацыі сумесных круглых сталоў, нагадала аб раней праведзеных мерапрыемствах, матэрыялы якіх былі прадстаўлены на  старонках “БГЧ”. Выступоўца прапанавала шляхі далейшага супрацоўніцтва з нагоды 95-годдзя інстытута ў наступным годзе.


За шматгадовае плённае супрацоўніцтва з “Беларускім гістарычным часопісам” падзякай выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” быў адзначаны акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Аляксандравіч Каваленя. У сваім выступленні ён падкрэсліў важнасць часопіса ў айчыннай навуковай прасторы, паразважаў пра яго актуальнасць і далейшае развіццё ў рэчышчы дзяржаўнай гістарычнай палітыкі, пажадаў і надалей падтрымліваць высокі навуковы ўзровень публікацый.


У ходзе дыскусіі старшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі IX–XVIII стст. і археаграфіі, кандыдат гістарычных навук Таццяна Валянцінаўна Даўгач прапанавала актывізаваць працу па размяшчэнні публікацый у часопісе ў навуковыя базы дадзеных. Загадчык цэнтра ўсеагульнай гісторыі, міжнародных адносін і геапалітыкі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Ірына Уладзіміраўна Жылінская адзначыла важнасць метадычнага блока часопіса і акцэнтавала асаблівую ўвагу на публікацыю сцэнарыяў мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці і метадычных рэкамендацый да іх.


Дыскусія па выніках мерапрыемства дазволіла акрэсліць  магчымыя кірункі развіцця часопіса, тэматыку навуковых публікацый і далейшага супрацоўніцтва.

 
Отзывы могут оставлять только зарегистрированные пользователи.
Пожалуйста зарегистрируйтесь